Belarus
This article was added by the user . TheWorldNews is not responsible for the content of the platform.

Ірына ШУШКЕВІЧ: “Станіслаў прасіў, каб на магіле паставілі крыж…”

Фота з архіваў С.Шушкевіча

Жонка першага кіраўніка незалежнай Беларусі распавяла «Народнай Волі» пра тое, якімі для яе былі тры з паловай месяцы без мужа.

Нагадаем: экс-старшыні Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслава Шушкевіча не стала ў ноч на 4 мая.

«Пасля перанесенага напрыканцы лютага каранавіруса мужу стала складаней хадзіць, – распавядала Ірына Шушкевіч, жонка Станіслава Станіслававіча. – А затым, калі наогул стала дрэнна, патрапіў першы раз у рэанімацыю. Пасля першай рэанімацыі яшчэ мог хадзіць з хадункамі, а пасля другой быў ужо ляжачы.

Кавід Станіслаў перажыў, але абвастрыліся ўсе хваробы, якія былі, і вось гэтага ён не перанёс. У апошнія дні ён зразумеў, што сілы яго пакідаюць, таму казаў мне вельмі шмат прыгожых слоў.

Затым у яго рэзка стаў падаць ціск, некалькі разоў я выклікала «хуткую». Першы раз урачы зрабілі ўкол, параілі паіць мужа салодкай гарбатай і з’ехалі. Не дапамагло, я зноў патэлефанавала па «103». Прыехалі з кіслародам, нейкімі чамаданамі, мяне папрасілі выйсці. Паспрабавалі мужа рэаніміраваць, але ў іх ужо нічога не атрымалася. 3 мая бліжэй да 12 ночы Станіслава Станіслававіча не стала».

Пахаваны Станіслаў Шушкевіч на Паўночных могілках…

– Натуральна, што помнік ставіць пакуль рана, але яшчэ пры жыцці Станіслаў Станіслававіч шмат разоў паўтараў, каб на яго магіле замест помніка паставілі крыж, – кажа Ірына Шушкевіч. – Проста – крыж, на якім будуць толькі даты нараджэння і смерці.

Мы так і збіраемся зрабіць, хаця мінімум год павінен прайсці, калі можна будзе ўстанаўліваць той самы крыж. Пакуль не ведаем, як ён будзе выглядаць, у якой кампазіцыі, але пажаданне мужа будзе выканана. Аднак усё гэта будзе пазней. Пакуль не да гэтага.

– На могілкі па-ранейшаму ездзіце?

– Рэгулярна наведваюся на магілу мужа, там усё ў парадку. Людзі пастаянна прыносяць свежыя кветкі, праз тыдзень іх даводзіцца прыбіраць. Таксама пасадзілі там бягонію і петуніі, і пасля дажджу яны растуць нармальна.

– У пакоі Станіслава Станіслававіча нічога не змянілася?

– Так, усё на сваіх месцах, як і было. Дарэчы, я апошнім часам то ў сталічнай кватэры, то на лецішчы, але і там, і там вельмі моцна адчуваецца, што Станіслава Станіслававіча з намі няма. Няма гаспадара, які пабудаваў і падтрымліваў усю гэту гаспадарку. Хаця сын, безумоўна, дапамагае.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»