Belarus
This article was added by the user . TheWorldNews is not responsible for the content of the platform.

Рудкоўскі: «Прынцып добрага і кепскага паліцыянта ніхто не адмяняў. У тым ліку і ў дачыненні да Пуціна»

— Анджэй Дуда ў інтэрв’ю Bild рэзка раскрытыкаваў еўрапейскіх палітыкаў, якія вядуць доўгія тэлефонныя размовы з Уладзімірам Пуціным. Ён прывёў паралелі з Другой сусветнай вайной. Маўляў, ці размаўляў тады хтосьці гэтак жа з Гітлерам, ці казаў хтосьці, што фюрэру трэба дапамагчы захаваць твар?

На вашу думку, якой можа быць рэакцыя заходніх краін на заявы польскага прэзідэнта, найперш Францыі і Нямеччыны?

— Думаю, рэакцыя магчымая, у тым ліку па дыпламатычных каналах. Ёсць, канечне, напружанне паміж польскім урадам і прэзідэнтам і заходнееўрапейскімі элітамі. Гэтая заява можа мець неадназначны вынік.

Калі ж абстрагавацца ад гэтых момантаў, то мы маем пасыл пра вельмі сур’ёзную пагрозу для агульнаеўрапейскай бяспекі. І на дадзены момант апраўданымі будуць найбольш рашучыя крокі і дзеянні. Таму гэтую заяву трэба падтрымаць.

— Але ці падштурхне гэтая крытыка яе адрасатаў да больш рашучых дзеянняў? Тым больш што многія еўрапейцы, як падаецца, прытрымліваюцца тых жа думак.

— У цэлым грамадская думка Еўропы, апрача Расіі і Беларусі, на баку больш вострай палітыкі ў дачыненні да Крамля. Канешне, ёсць ваганні ў некаторых краінах. Але ў цэлым гэтая лінія, якую сёння агучвае Дуда, сустракаецца з разуменнем.

Таму наўрад ці еўрапейскія эліты будуць палемізаваць з гэтым. Магчыма, яны ў дыпламатычнай форме заявяць пра важнасць разнастайных крокаў, больш тонкай палітыкі.

— На вашу думку, навошта заходнія лідары працягваюць гадзінныя размовы з расійскім кіраўніком? Ці ёсць яшчэ ў гэтым хоць нейкі сэнс?

— Прынцып добрага і кепскага паліцыянта ніхто не адмяняў, у тым ліку і ў дачыненні да такіх асоб, як Пуцін і яго атачэнне. Вядома, што і з тэрарыстамі часам даводзіцца размаўляць. Таму існаванне нейкіх каналаў камунікацыі, прадстаўнікоў эліт, якія граюць ролю мяккіх суразмоўцаў, упісваецца ў агульную прагматыку дзеянняў. Я тут не бачу прычын, каб адназначна асуджаць пазіцыю, якую занялі Шольц і Макрон.

— Калі казаць пра эфектыўнасць тактыкі кіраўнікоў ФРГ і Францыі, ці ёсць канкрэтныя прыклады таго, што іх дзеянні далі вынік?

— Каб казаць пра эфектыўнасць, трэба было б параўнаць, што дае большы плён — калі ўсе гавораць з Крамлём жорсткім голасам, ці сітуацыя, калі акрамя жорсткай пазіцыі застаецца такі вось канал сувязі.

Агульная логіка і псіхалогія чалавечых паводзін падказвае, што другая тактыка крыху павялічвае шанцы на поспех. На тое, што ці сам Пуцін, ці ягонае атачэнне на нейкім этапе захочуць манеўраваць, скарыстацца магчымасцю пайсці на кампраміс з прадстаўнікамі гэтага самага мяккага голасу.

Гэта адкрывае магчымасць для саступак, якія могуць мець каскадны эфект — за аднымі саступкамі могуць пайсці ўсё новыя і новыя саступкі. Тут, натуральна, нельга разлічваць на стопрацэнтную верагоднасць таго, што ўсё так атрымаецца — гаворка пра мастацтва магчымага.

— Ці сугучныя заявы Дуды настроям у Польшчы?

— Так, у Польшчы такія заявы сугучныя. Польскае грамадства адно з самых рашучых у сваім стаўленні да злачынстваў Крамля. Тут, натуральна, не ўцячэш ад звыклых для дэмакратычных краін палемік унутры палітычнай эліты.

Напрыклад, апазіцыя можа выступаць за асцярожнасць у дзеяннях, каб не правакаваць канфлікт з Захадам, перасцерагаць, што такія заявы Дуды пагражаюць еўрапейскаму адзінству. Такія галасы тут могуць гучаць, але яны не выходзяць супраць агульнай хвалі. 

— Ці гучыць тэма Беларусі ў Польшчы? І ці змянілася стаўленне да беларусаў на побытавым узроўні?

— Беларусь знаходзіцца ў глыбокім ценю. А калі і выходзіць з яго, то паўстае ў абагуленым вобразе краіны-суагрэсара. Але раз-пораз гучаць галасы пра неабходнасць адрозніваць рэжым і беларускае грамадства.

На побытавым узроўні, на жаль, здараюцца дзіўныя выпадкі. Напрыклад, адмова выдаць крэдыт толькі на той падставе, што ты з’яўляешся грамадзянінам Беларусі.