Belarus
This article was added by the user . TheWorldNews is not responsible for the content of the platform.

У Вільнюсе – канферэнцыя дэмакратычных сіл, у Купалаўскім тэатры – праўладны форум

Сёння, 8 жніўня, у сталіцы суседняй Літвы пачалася, а на наступны дзень працягнецца канферэнцыя дэмакратычных сіл “Новая Беларусь”.

Яна прымеркавана да другой гадавіны з дня выбараў-2020. Удзельнікамі канферэнцыі з’яўляюцца лідары грамадзянскай супольнасці і руху за свабодныя выбары.

Дыскусія зводзіцца ў асноўным да аднаго – як вярнуць Беларусь на рэльсы дэмакратычнага і ўстойлівага развіцця, якім чынам можна аднавіць законнасць і правы чалавека, спыніць рэпрэсіі і вызваліць з-за кратаў сотні палітвязняў, якія тады, у 2020 годзе адкрыта выступілі супраць шматлікіх фальсіфікацый падчас падліку вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах.

Адзначаецца, што ключавым фактарам ў сённяшняй сітуацыі з’яўляецца захаванне і абарона суверэнітэту і дзяржаўнасці Рэспублікі Беларусь. Важна вывесці краіну з міжнароднай ізаляцыі, дабіцца таго, каб расійскія войскі пакінулі тэрыторыю нашай краіны, каб мы змаглі пазбавіцца ад татальнай залежнасці ад Крамля. Выступаючыя выказваюць падтрымку украінскаму народу, які мужна змагаецца з расійскімі агрэсарамі.

Тым часам, у Купалаўскім тэатры 9 жніўня адбудзецца “прэм’ера” – праўладны форум патрыятычных сіл.

Як распавёў старшыня РГА “Белая Русь” Алег Раманаў, асноўная задача форуму – “зверыць гадзіннікі па пытанні далейшага развіцця грамадзянскай супольнасці. Удзельнікі абмяркуюць праблемы, якія стаяць перад грамадствам на сёння…”

Будзе вынесена на абмеркаванне пытанне, ці трэба нам удасканальваць партыйную сістэму для таго, каб яна мела большую вагу ў палітычным жыцці нашай краіны і садзейнічала прагрэсіўнаму развіццю нашай дзяржавы.

Заўважым, лідары зарэгістраваных апазіцыйных палітычных партый на гэты міжсабойчык не былі запрошаны.

“У чарговую гадавіну прэзідэнцкіх выбараў 2020 года улады праводзяць свой “дэмакратычны форум” у Купалаўскім тэатры, – адгукнулася ў сацсетках на анонс мерапрыемства былая старшыня ліквідаванага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай. – Можна было б задацца пытаннем, чаму не ў цырку… А з іншага боку, гэта чарговае пацверджанне стаўлення рэжыма да культуры – яна патрэбная ім роўна настолькі, наколькі здольная абслугоўваць ідэалагічныя патрэбы ўладаў…”

Заяўлена, што форум скончыцца вялікім канцэртам, які распачнецца ў 19.30 у скверы каля Купалаўскага тэатра . З беларускіх зорак выступяць Вікторыя Алешка, Ірына Дарафеева, Ганна Трубяцкая, Руслан Аляхно, Жанет і іншыя.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»