Ужо можна з упэўненасцю сказаць, што аграрнікам сёлета пашанцавала. Толькі ў некалькіх раёнах падчас наліву зерня не хапіла вільгаці, а ва ўсіх астатніх надвор’е спрыяла фарміраванню добрага ўраджаю.
І са жнівом асаблівых праблем няма. Вось ужо абмалот збожжавых і зернебабовых ідзе з другой паловы плошчаў. Гаспадаркі Брэсцкай вобласці наогул блізяцца да завяршэння, а, скажам, у Столінскім раёне (ён адзін з самых паўднёвых у Беларусі) ужо святкуюць дажынкі.
Не сёння, дык заўтра ў засекі будзе засыпана пяцімільённая тона збожжа. Ёсць спадзяванні, што на фінішы жніва з’явіцца і дзевяці-, а то, магчыма, і дзесяцімільённая тона.
Дарэчы, сярэдняя ўраджайнасць па краіне цяпер складае пад 38 цэнтнераў з гектара. У мінулым годзе хлебная ніва давала ў межах 32 цэнтнераў з гектара.
Паводле аператыўнай інфармацыі, самыя высокаўраджайныя палеткі ў шэрагу раёнаў Гродзеншчыны, дзе з гектара ў асобных гаспадарках намалочваюць 80–90 і болей цэнтнераў зерня. Такімі паказчыкамі могуць ганарыцца і некаторыя сельгаспрадпрыемствы Міншчыны.
Рыгор ШЫХАНЦОЎ.
Публікацыя з № 64 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.