Belarus
This article was added by the user . TheWorldNews is not responsible for the content of the platform.

Жадае народ, каб рублі не заўтра, а сёння былі

Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

З кастрычніка ў Беларусі маюць намер запусціць пенсіённую рэформу: работнікі змогуць са сваёй зарплаты адлічваць грошы на будучую пенсію. Журналісты выдання «Першы рэгіён» пацікавіліся ў жыхароў Івацэвічаў, як яны ставяцца да рэформы. Абсалютная большасць выказалася негатыўна…

Хутка абанкруціцца гатовы,
Бо пусцее пенсіённы фонд.
Думаюць уладныя галовы,
Што рабіць ім гэтага наконт.
Разрадзіўся ў рэшце рэшт рэформай,
Ашчаслівіў нас любімы ўрад:
Хай жа неўзабаве стане нормай,
Калі будзе сам электарат
Забяспечваць побыт свой старэчы:
Ад зарплат адшчыквацьме рублі,
Каб напотым, лежачы на печы,
Людзі пракарміць сябе маглі.
А ці хоча ў нас любы і ўсякі
Грошыкі закідваць напярод?
Каб празнаць, так званыя пісакі
З мікрафонам рушылі ў народ.
Той народ жыве не ў захалусці,
Толькі і не надта гарадскі.
Перад мікрафонамі чамусьці
Ён цяпер зусім негаваркі.
Пэўна, з-за таго, што час суровы:
Выправіцца можаш у турму,
Калі нават правільныя словы
Скажаш ты не так ці не таму.
Дык, само сабой, яно й не дзіва,
Што «пісак» цураліся спярша.
Мужыкі «спяшаліся на піва»,
Хоць у іх кішэнях – ні шыша,
А жанкі глядзелі падазрона.
Як захоча штось сказаць адна,
Дык другая ёй: 
– Маўчы, варона!
За язык твой можа быць хана!
Потым асмялелі людзі ўсё-ткі,
Трохі развязалі языкі.
Ля «пісак» спыняцца сталі цёткі,
Пра «піўко» забылі мужыкі.
Праўда, размаўляць не стаў мужчына
З выгляду даволі малады:
– Гэта нецікава мне: магчыма,
Я з краіны з’еду назаўжды!
Гаварылі людзі, ды рэформу
З іх не падтрымаў ніхто, лічы:
– Сёння й так мы маем для пракорму
Ледзьве не падножныя харчы.
Афарызм наведаў маладзіцу:
– Што датычыць лішняга рубля,
Лепей у руках трымаць сініцу,
Чым у небе бачыць жураўля.
А мужык прыжмурыў хітра вока,
Мовіў, скасавурыўшы пагляд:
– Хоць яшчэ да пенсіі далёка
(Стукнула нядаўна пяцьдзясят),
Ды і ў сне не бачу я раскошы.
Так што ўлада дурыць галаву.
Хай бы тыя будучыя грошы
Мне цяпер дала, пакуль жыву…

***

Добра, як удала ляжа карта,
Гэта не аспрэчвае ніхто.
Ды гуляць з дзяржаваю не варта
У ачко, рулетку ці лато.

Толькі пры разводзе

У мяне начальнік вельмі строгі,
Ды калі жартуе – смех дый годзе:
– Скідваюць штогод алені рогі,
А мужчыны – толькі пры разводзе…

Зарадка

Раней, перш чым адзець сваю апратку,
Рабілі людзі раніцай зарадку.
Цяпер жа нанач дзед і маладзён
Уласны зараджаюць тэлефон.

А паміраць ніхто не хоча

У тым не памылюся я, бадай,
Што кожны з нас папасці хоча ў рай,
Дзе вечная нірвана, ціша-гладзь…
Але ніхто не хоча паміраць.

У кут і на шыю

Па-рознаму любім дзяцей мы, і тут
Сакрэту, бадай, не адкрыю:
Адных гадаванцаў мы ставім у кут,
Другіх жа мы садзім на шыю.

Не падумаўшы

Прашу ўспрыняць не ў якасці маралі,
Ды варта думку ўзяць да галавы:
Калі вы, не падумаўшы, сказалі,
Сказалі ўсё ж, што думаеце вы…

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»